Тэма 4.2. Утварэнне фразеалагізмаў і іх этымалагічная класіфікацыя
І.Я. Лепешаў прапануе наступную класіфікацыю фразеалагізмаў паводле паходжання: “фразеалагізмы ў гэтых адносінах падзяляюцца на чатыры групы: 1) спрадвечнабеларускія, 2) запазычаныя, 3) калькі, 4) паўкалькі. Сярод выразаў першай групы ў сваю чаргу вылучаюцца агульнаславянскія фразеалагізмы (біць у вочы, закрываць вочы каму, пераліваць з пустога ў парожняе), усходнеславянскія (ламаць коп ’і з-за каго, за што, легчы касцьмі), уласна беларускія (газеты чытаць, голаму за пазуху, з ветру вяроўкі віць).
Пры кваліфікацыі спрадвечна беларускіх фразеалагізмаў, апрача тэрмінаў «агульнаславянскі», «усходнеславянскі», «уласна беларускі», даволі часта сустракаюцца і такія, як «агульны для ўсходнеславянскіх моў» (ад дошкі да дошкі, белыя мухі, выбіваць клін клінам), «агульны для беларускай і рускай моў» (абсевак у полі, вуха на вуха, на кудыкіну гару), «агульны для беларускай і ўкраінскай моў» (абы дзень да вечара, калі ласка, на ўсе застаўкі), «агульны для беларускай і польскай моў» (адправіцца да Абрама на піва, пры душы, як бабёр), «агульны для беларускай, украінскай і польскай моў» (грушы на вярбе, першы-лепшы, як свет светам), «агульны для ўсходнеславянскіх і польскай моў» (махнуць рукой на каго, на што, дах над галавой, кроў з малаком), «агульны для ўсходнеславянскіх, польскай і чэшскай моў» (мухі не пакрыўдзіць, сам не свой). Зразумела, што гэта не зусім дакладная кваліфікацыя фразеалагізмаў: сярод іх могуць быць і ўласна беларускія, якія перайшлі ў іншыя мовы, і, наадварот, запазычаныя з рускай або ўкраінскай ці польскай моў.
Дакладную характарыстыку ў генетычным плане гэтыя выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў.
Сярод запазычаных фразеалагізмаў ёсць запазычанні з царкоўнаславянскай (вечная памяць каму, зуб за зуб, прытча ва языцах), рускай (баш на баш, без цара ў галаве, неба ў алмазах), украінскай (даць ляшча каму, збіваць з панталыку каго, як <дурань> з пісанай торбай), польскай (вастрыць зубы на каго, на што, відаць пана па халявах). Фразеалагічныя калькі – гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных выразаў, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, як на іголках – фразеалагічная калька з нямецкай мовы (wie аuf Nаdеln); яна ўзнікла ў выніку паслоўнага перакладу: wiе – як, аuf – на, Nadeln –іголках. Паўкалькамі называюць выразы, у якіх адны кампаненты перакладзеныя, а другія — запазычаныя. Так, фразеалагізм рубікон перайсці ўтварыўся з лацінскага Rubiсопertrаnsео, у якім апошні кампанент перакладзены словам перайсці, а першы (у зыходным значэнні — назва ракі ў Старажытным Рыме) не патрабуе перакладу.
У беларускай фразеалогіі ёсць калькі з царкоўнаславянскай (блуканне па пакутах, узнімаць сцяг чаго, чый), з рускай (абдымаць неабдымнае, як вавёрка ў коле) моў. Паўкалькамі ў беларускай фразеалогіі з’яўляюцца многія выразы з рускай (варона ў паўлінавых пёрах, дзям янава юшка, маг і чарадзей) і французскай (браць на абардаж каго, што, добры геній чый, цэнтр цяжару) моў, а таксама асобныя фразеалагізмы з некаторых іншых моў: царкоўнаславянскай (як зрэнку вока), украінскай (атрымліваць гарбуз), польскай (весці рэй), нямецкай (задаваць фефару каму), англійскай (апошні з магікан), італьянскай (ва ўнісон), лацінскай (уласнай персонай)” [5, с. 5-7].
Асноўны масіў фразеалагізмаў складаюць адзінкі, утвораныя ў выніку вобразнага пераасэнсавання звычайных свабодных спалучэнняў, якое выклікала страту першасных лексічных значэнняў адпаведных кампанентаў і фарміраванне фразеалагічнай семантыкі. У асноўным гэта найменні, звязаныя з намінацыямі грамадскіх працэсаў, вытворчай дзейнасці, побыту, роднасных адносін, жывёльным светам і іншымі базавымі паняццямі соцыуму – такія фразеалагічныя звароты называюць фразеалагізмамі народна-размоўнага паходжання. Вылучаюцца наступныя групы такіх найменняў: 1) сельскагаспадарчыя і іншыя працоўныя працэсы: з аднаго цеста; пракладаць першую баразну, папускаць лейцы-, паварочваць аглоблі; 2) розныя вытворчасці, рамёствы: а) ткацка-прадзільнае: разблытваць вузел, дзе тонка, там і рвецца, разматаць клубок; б) кравецкае: белымі ніткамі шытае; на жывую нітку, куды іголка, туды і нітка; сем разоў адмерай, раз адрэж; як з іголачкі; в) кавальскае: паміж молатам і кавадлам; г) рыбалоўства і паляванне: закідваць вуду; змотваць вуды; браць на жыўца; стрэляная птушка; д) тэатральна-музычная дзейнасць: уваходзіць ў ролю; памяняцца ролямі; у сваім рэпертуары; каронны нумар; як па нотах; 3) ваенная справа: з адкрытым забралам; узносіць на шчыт; нюхаць порах; прымаць бой; браць на ўзбраенне; здаваць пазіцыі; пакідаць поле бою; 4) карцёжная гульня: раскрываць карты; блытаць карты; карта біта; казырны туз; 5) народныя звычаі і абрады: даваць гарбуза; як сасватаная; 6) вераванні і магічныя дзеянні: загаворваць зубы; як рукой зняло; з лёгкай рукі; ўстаць з левай нагі; выносіць смецце з хаты; 7) казачныя звароты: па шчупаковым загадзе; за трыдзевяць зямель; жывая вада; трымаць за хвост жар-птушку; 8) прыкметы і дзеянні, звязаныя з светам жывёл і птушак: заячая душа; хітры ліс; кот наплакаў; паказваць кіпцюры; птушка высокага палёту; распраўляць крылы; звіць гняздо; курам на смех. Большасць такіх фразеалагізмаў утвараецца спосабам метафарызацыі або метанімізацыі. Асаблівую метанімічную прыроду маюць так званыя парадаксальныя фраземы. Імі выказваюць негацыю часу: (будзе) як рак свісне; як вырасце гарбуз на вярбе; як будзе баба дзеўкай; мадальных станаў: (патрэбен) як зайцу бубен; як лысаму грэбень; Парадаксальнасць грунтуецца менавіта на змешванні такіх прыкмет, якія немагчымыя ў рэчаіснасці, менавіта ірэальнасць зместу такіх абаротаў стварае асаблівую вобразнасць, надае тэксту экспрэсіўнасці і камізму.
Значная частка беларускіх фразеалагізмаў мае іншамоўнае паходжанне.
Адной з найважнейшых крыніц фразеалогіі з'яўляюцца антычныя міфы: алімпійскі спакой; лаўровы вянок; перайсці Рубікон; дамоклаў меч; мукі Тантала; практустава ложа; аўгіевы стайні; ахілесава пята; траянскі конь; нітка Арыядны; сады Семіраміды; подзвіг Геракла і іншыя.
Вылучаюць вялікую групу фразеалагічных адзінак біблейскага паходжання: вока за вока; манна нябесная; другое прышэсце; неапалімая купіна; сем смяротных грахоў; цемра егіпецкая; ноеў каўчэг; цярновы вянок; пацалунак Юды; кніга за сямю пячаткамі; блудны сын; кесарава кесару; змей-спакуснік; несці свой крыж і да таго падобнае.
А.М. Клачко адзначае: “Народная фразеалогія - гэта згусткі народнай мудрасці. Яна была і будзе крыніцай вобразнасці і эмацыянальнасці мастацкага слова. Шырока выкарыстоўваюць народную фразеалогію ў сваёй творчасці беларускія пісьменнікі. Вось радкі з паэмы Я. Коласа «Рыбакова хата»: Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, што лістам сцеле перад панам, перад панамі гнецца ўкрук. Фразеалагічныя адзінкі лістам сцеле, гнецца ў крук дапамагаюць аўтару ў іранічным плане характарызаваць панскага паслугача, выказаць пагарду да яго.” [1, с. 115].